У Саудаўскай Аравіі прайшла першая за апошнія гады сустрэча афіцыйных дэлегацый РФ і ЗША, на якой былі абмеркаваныя крокі пасля заканчэння вайны ва Украіне. Ні Кіеў, ні еўрапейцы ў перамовах не ўдзельнічалі.
Перамовы ў Эр-Рыядзе з’яўляюцца пачаткам працяглага працэсу аб спыненні вайны Расіі супраць Украіны.
Па выніках сустрэчы ў сталіцы Саудаўскай Аравіі кіраўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Марка Рубіа падкрэсліў, што мір паміж Украінай і Расіяй павінен быць «сумленным і трывалым». Пры гэтым ён прызнаў, што сустрэча ў Эр-Рыядзе — толькі пачатак працяглага перамоўнага працэсу.
Гаворачы аб эканамічных санкцыях, уведзеных супраць Расіі з пачатку вайны, Марка Рубіа заявіў, што для спынення вайны ўсім давядзецца пайсці на пэўныя саступкі, але гэта, паводле яго слоў, гарантуе Еўрасаюзу месца за сталом перамоў.
«Санкцыі — вынік вайны. Каб пакласці канец любому канфлікту, кожны бок павінен пайсці на саступкі. Мы не будзем зараз гэта абмяркоўваць. Еўрасаюз таксама ўвёў санкцыі, таму ім таксама прыйдзецца сесці за стол перамоваў», — сказаў Марка Рубіа.
Дарадчык прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц, у сваю чаргу, заявіў, што Еўропа павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў забеспячэнні будучай бяспекі.
Раней у Дзярждэпартаменце ЗША паведамілі, што ў Эр-Рыядзе дзяржсакратар Марка Рубіа і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў дамовіліся аб будучым супрацоўніцтве па пытаннях узаемных геапалітычных інтарэсаў, а таксама эканамічных і інвестыцыйных магчымасцей, якія з’явяцца пасля заканчэння канфлікту ва Украіне.
Прадстаўнікі Украіны і ЕС у перамовах не ўдзельнічалі. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў не прызнае ніякіх пагадненняў, заключаных у Эр-Рыядзе без удзелу яго краіны.
вс